Вы тут

“Би-2” вярнуліся дадому. І правялі ў Бабруйску фэст на 120 тысяч чалавек

Фота Еўрарадыё

6 ліпеня ў Бабруйску адбыўся “Би-2 Fest”. Па ацэнках арганізатараў, у гэты пятнічны вечар, нягледзячы на наступную працоўную суботу, перад “Бабруйск-Арэнай” сабралося 120 тысяч чалавек. А гэта як палова Бабруйска!

Пра тое, што ў Беларусі сёлета год малой радзімы, Шура з Лёвам — заснавальнікі и нязменныя ўдзельнікі гурта “Би-2” — даведваюцца толькі на брыфінгу з журналістамі. Музыкі перадаюць прывітанні настаўнікам бабруйскай школы, у якой вучыліся, і прызнаюцца: "Би-2 Fest” — той выпадак, калі дапамагала карма. Яго арганізавалі літаральна за паўтара месяцы — і ўсё атрымалася!

Чаму мы лічым, што гэта лепшы беларускі фэст лета?

Пляцоўка перад арэнай зручная і вельмі жывапісная, нават з рэшткамі бабруйскіх муроў. Паесці на фудкорце паспяваем за 15 хвілін, і не абы чаго, а японскіх прысмакаў у фудтраку добрай мінскай рэстарацыі. Кошты — 6-7 рублёў за гарачае, 3 — за морс. Прыбіральні — не толькі пластыкавыя “шпакоўні” (дарэчы, з на дзіва невялікімі чэргамі), а яшчэ і стацыянарныя у “Бабруйск-Арэне”. Калі вы ў апошні раз бачылі паперу і мыла на оўпэн-эйры? Аказваецца, можна і так.

 

Па ацэнках арганізатараў, перад “Бабруйск-Арэнай” сабралося 120 тысяч чалавек.

Удзельнікаў “Би-2 Fesт” Шура з Лёвам выбіралі самі, і падыйшлі да гэтага пытання канцэптуальна. Кожны гурт упісаны ў гісторыю “Би-2”, але вельмі па-рознаму. Напрыклад, “Солнечная сторона” былі кумірамі Шуры і Лёвы ў школьныя часы, калі яны яшчэ вучыліся ў Бабруйску. Менавіта музыкі “Солнечной стороны” напісала песню “Медленная звезда” і легендарную баладу “Мой рок-н-ролл”. А пра сяброўства “Би-2” і Brainstorm распавядаць не трэба, дуэт “Іншамаркі” кажа сам за сябе. Дарэчы, хлопцы ў Бабруйск прыехалі загадзя і перад фэстам нават паспелі папляскацца ў Беразіне. Ну, няхай ім будзе на карысць.

 

Гурт "BrainStorm" на брыфінгу з журналістамі падчас "Би-2 Fesт".
Вакаліст "BrainStorm" Рэнарс Каўперс на сцэне "Бабруйск-Арэны"

Яшчэ пару словаў пра ўдзельнікаў “Би-2 fest”. Янік Ніколенка сёння грае на флейце і на клавішах у “Би-2”, але на фэсце выступаў і яго ўласны гурт — “Сети”. У 2000-я іх “Смайл” і “Небо на земле” гучалі з кожнага праса. Тады Ян не рызыкнуў кінуць кар’еру ў “Сплине”, каб прасоўваць уласны праект. У выніку новы альбом “Сетей” выходзіць толькі гэтай восенню — праз 16 гадоў пасля першага. Шура падчас брыфінгу з Янам хвалюецца за сябра, зазірае ў шацёр і заўпэўнівае: на гэты раз Яну не давядзецца ахвяраваць “сваім” праектам дзеля “асноўнага” месца працы.

 

Вакаліст гурта "Сети" Ян Ніколенка

Гурт Midnight Faces прыляцелі ў Бабруйск з ЗША. Хлопчыкам — класны якасны пост-панк. “Лепшы, з таго, што мы чулі апошнім часам,” — дае экспертную адзнаку Шура. Дзяўчынкам — вакаліст, прыгожы як Курт Кабэйн і Джарэд Лета адначасова.

 

Гурт Midnight Faces

Brainstorm толькі што прэзентаваў новы альбом Wonderful Day. Наперадзе процьма канцэртаў. Натуральна, акрамя славутых Maybe, “Выходных” і “На заре”, пад якую ў публікі відавочна здараецца катарсіс, музыкі граюць і навінкі. Людзі яшчэ не вывучылі словы, але светлыя песні пра цудоўны дзень, любоў да ўсяго свету і каханне, якое толькі пачынаецца, фэсту вельмі пасуюць.

 

Вакаліст "BrainStorm" Рэнарс Каўперс

Нарэшце, латышы саступаюць сцэну віноўнікам свята. Можна не быць фанатам "Би-2”, але не ўразіцца эфектамі шоў “Горизонт событий” складана. Можна казаць, што старыя хіты ўжо заслуханыя да дзірак, але плошча не стамляецца падпяваць да гадзіны ночы. Ёсць месца і жартам, і кранальным дуэтам з сябрамі. Лёва абдымае дзяўчынак з натоўпу, тыя плачуць і ад шоку забываюць свае імёны. Харызматычны барабаншчык Барыс Ліфшыц захоплівае сцэну і ладзіць шоў, вартае асобнага канцэрта.

 

Шура і Лёва Бі-2

Паркоўка сустракае тых, хто раз’язджаецца з фэста, перанаснымі ліхтарамі. І ці ад гэтага клопату, ці ад святла, ці ад таго what a wonderful day мы перажылі, не хочацца з’яжджаць. А яшчэ хочацца вярнуцца ў наступным годзе.

 

Дзяўчыну на інвалідным вазку паднялі слухачы падчас выступу "Бі-2".

Кажам шчыра, да апошняй хвіліны мы нават не думаем, што наперадзе доўгая дарога дадому. Спойлер – праз пробкі мы трапляем у Мінск толькі а 4-й раніцы. І гэта, бадай што, адзінай хіба, якую заўважаем у арганізацыі фэсту. Паважаныя “Би-2” і Allstars.by, нам бы вуліцы ў Бабруйску пашырэй. У астатнім — амаль без пытанняў.