Вы тут

"Белтэлекам" нагадвае карыстальнікам, каб адключалі мадэм падчас навальніцы

Фота: pixabay.com

РУП "Белтэлекам" вырашыў нагадаць карыстальнікам пра неабходнасць адключаць мадэмы і іншыя электрапрыборы падчас навальніцаў. 

Навальнічныя разрады могуць уплываць на працу электрапрыбораў. "Метэаралагічныя з'явы ствараюць электрамагнітны імпульс, з'яўляецца магутная шырокапалосная перашкода, якая ўздзейнічае як на працу бесправадных прыбораў (Bluetooth, Wi-Fi), так і на працу электрычных сетак", — гаворыцца на сайце прадпрыемства.

Спецыялісты "Белтэлекама" рэкамендуюць падчас навальніцаў адключаць электрапрыборы (у прыватнасці, мадэмы і прыстаўкі), а пры магчымасці і электрасілкаванне кватэры, зачыняць вокны і форткі.

Калі не адключыць абсталяванне падчас навальніцы, пасля яе абсталяванне можа не працаваць. "Паспрабуйце ўключыць яго ў іншую разетку або скінуць наладкі да заводскіх. Калі гэтыя дзеянні не дапамагаюць, звярніцеся ў сэрвісны цэнтр кампаніі для замены прыстаўкі ці мадэма", — рэкамендуюць у "Белтэлекаме".

Прадстаўнікі кампаніі звяртаюць увагу, што ўсе абаненты пагаджаюцца з "Парадкам аказання паслуг". Згодна з гэтым дакументам, "каб пазбегнуць пашкоджанняў канцавога абсталявання, прадастаўленага аператарам, выкліканых уплывам метэаралагічных з'яў (навальнічныя разрады і да т.п.), абанент павінен выключаць канцавое абсталяванне з сеткі электрасілкавання пры ўзнікненні такіх з'яў".