Вы тут

Беларускі ўрад спадзяецца, што ВУП сёлета дасягне $60 млрд

Фота: Reuters

Беларускі ўрад спадзяецца, што валавы ўнутраны прадукт сёлета дасягне 60 млрд долараў. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой. Ён нагадаў, што ВУП "на максімуме" быў у 2014-м і складаў каля 80 млрд долараў, а да 2025 года стаіць задача яго павялічыць да 100 млрд долараў.

"У сярэднетэрміновай перспектыве гаворка ідзе пра пабудову новай структуры эканомікі, якая здольная забяспечыць такі вынік", — цытуе словы Крутога БЕЛТА.

Як вядома, у студзені-красавіку 2018-га ВУП Беларусі вырас на 4,8%, аднак у мінулым месяцы рост замарудзіўся. Першы намеснік міністра эканомікі адзначыў, што прагнозныя параметры па валавым унутраным прадукце пакуль выконваюцца: "Мы чакаем, што 3,5% па росце ВУП па годзе вытрымаем". Такі рост будзе забяспечвацца і за кошт экспарту, і за кошт росту ўнутранага попыту.