Вы тут

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч аб’явіў пра завяршэнне кар’еры

Сяргей Далідовіч у студыі Еўрарадыё.

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч аб’явіў пра завяршэнне кар’еры. Апошняй гонкай спартсмена стаў марафон у Ханты-Мансійску, у якім ён заняў чацвёртае месца. “Яшчэ адна гонка скончана — прыехаў чацвёртым! — напісаў Далідовіч на сваёй старонцы ў Facebook. — …Калі больш дакладна, прафесійная кар’ера скончана!.. Эмоцый пакуль няма, але нахлынуць пасля, думаю… Усім дзякуй за падтрымку, рэальна адчуваў яе! Усё!!!”.

Сяргею Далідовічу 44 гады. Ён удзельнічаў у сямі Алімпіядах, а гэта для лыжнікаў рэкорд. Праўда, апошнія Алімпійскія Гульні былі для Далідовіча няўдалымі — падчас гонкі ў яго ўзніклі праблемы са здароўем і ён сышоў з дыстанцыі, а пасля датэрмінова вярнуўся на радзіму. Для яго гэтая сітуацыя была вельмі балючай, паколькі на падрыхтоўку да Алімпіяды спартсмен збіраў грошы з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі (спартыўныя чыноўнікі спачатку ў яго не верылі і на яго не разлічвалі). Грошы Сяргей Далідовіч паабяцаў вярнуць усім жадаючым.

Сёлета беларускі лыжнік ледзь не атрымаў свой першы алімпійскі медаль — з-за скандалу з допінгам узнагароды адбіралі ў расіян, і Далідовіч мог спадзявацца на “бронзу” Сочы-2014. Аднак у выніку Арбітражны спартыўны суд расійскіх лыжнікаў апраўдаў. Лепшым дасягненнем беларуса на Алімпійскіх Гульнях так і засталося 5-е месца, якое ён заняў у мас-старце на 50 кіламетраў чатыры гады таму.