Вы тут

Беларусь уключылі ў міжнародны спіс парушальнікаў правоў працоўных і прафсаюзаў

Генадзь Фядыніч. Фота: svaboda.org

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на сесіі ў Жэнэве ўключыла Беларусь у так званы "кароткі спіс" — пералік краін, дзе груба парушаюць правы наёмных працоўных і прафсаюзаў. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" распавёў старшыня незалежнага прафсаюза рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Па словах Фядыніча, з ім звязаўся генеральны сакратар Глабальнага саюза IndustriALL Вальтэр Санчэс. (Гэтая арганізацыя аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах свету.) Ён і паведаміў, што на абмеркаванні беларускага пытання выступілі прадстаўнікі 22 краінаў. 18 з іх рэзка крытыкавалі беларускі ўрад і афіцыйныя прафсаюзы. У падтрымку беларускіх уладаў выступілі толькі чатыры краіны — Расія, Туркменістан, Куба і Турцыя.

Афіцыйнай падставай для ўключэння Беларусі ў "чорны спіс" сталі тры дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі. Гэта дэкрэты №1 і №3, прысвечаныя атк званым "дармаедам", і дэкрэт №29 ("Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны"). Згодна са статутам МАП, арганізацыя абавязкова выносіць рашэнне па краіне, якая трапляе ў "кароткі спіс". У дадзеным выпадку яго аб’явяць не пазней за 8 чэрвеня.

Нагадаем, што сам Фядыніч і бухгалтар РЭП Ігар Комлік праходзяць па крымінальнай справе. Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прафсаюзным актывістам пагражае да 5 гадоў абмежавання волі або ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.