Вы тут

Беларусь спадзяецца неўзабаве вырашыць праблемы з пастаўкамі малака ў Расію

Леанід Заяц. Фота: БЕЛТА

Беларускі бок прапанаваў Расіі прыняць дарожную карту, каб урэгуляваць пытанні па пастаўках малака. Пра гэта журналістам заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, перадае БЕЛТА.

Міністр распавёў, што наша дзяржава працягвае перамовы з Расіяй па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі малака і малочнай прадукцыі. Бліжэйшым часам у Маскве пройдзе сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, каб вырашыць гэтае пытанне.

"Мы прапанавалі для ўрэгулявання дарожную карту, у якой пазначаныя пазіцыі Беларусі, улічаныя пазіцыі Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, што разгляд і прыняцце гэтай дарожнай карты здыме забарону паставак нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак", — заявіў Леанід Заяц.

На сакавік запланаваная таксама сумесная калегія аграрных ведамстваў Беларусі і Расіі. На ёй будуць разглядацца балансы харчавання, якія потым стануць асновай для паставак прадукцыі на расійскі рынак.

Беларускі міністр чарговы раз падкрэсліў высокую якасць беларускага малака. Па яго словах, у нашай прадукцыі няма і не можа быць рэшткаў антыбіётыкаў, пра што сцвярджаюць расійскія экперты. "Сыравіна, якая сёння паступае з гаспадарак на малочнае прадпрыемства, зазнае вельмі грунтоўны кантроль. Той жа самы кантроль ёсць і ў працэсе перапрацоўкі. Пры адгрузцы гатовай прадукцыі кожная партыя даследуецца ў лабараторыях", — патлумачыў Заяц.

На 15 сакавіка Рассельгаснагляд прызначыў увядзенне санкцыяў на пастаўкі беларускага малака і малочнай прадукцыі.