Вы тут

Беларусь прадасць Зімбабвэ трактароў на 43 мільёны долараў

Фота: president.gov.by

13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка спраў прэзідэнта Віктара Шэймана. Чыноўнік распавёў кіраўніку дзяржавы пра вынікі візіту ў Рэспубліку Зімбабвэ, якую ён наведаў па яго даручэнні, перадае прэс-служба Лукашэнкі.

Шэйман правёў перамовы з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагва, а таксама першым віцэ-прэзідэнтам, міністрам горнай здабычы і развіцця здабыўной галіны, старшынёй Рэзервовага банка, міністрамі замежных спраў і міжнароднага гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту і развіцця інфраструктуры, вышэйшай адукацыі, развіцця навукі і тэхналогій.

Шэйман заявіў, што дасягнуў дамоўленасцяў і падпісаў кантракты на суму каля 58 мільёнаў долараў. У іх ліку пастаўкі беларускіх трактароў на 43 мільёны долараў і тэхнікі для лясной гаспадаркі — на 15 мільёнаў долараў. Таксама абмяркоўвалася стварэнне зборачных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай і горназдабыўнай тэхнікі. Акрамя таго, рыхтуецца кантракт на закупкі беларускіх угнаенняў на 10 мільёнаў долараў. 

Дарэчы, за папярэднія пяць гадоў Беларусь прадала Зімбабвэ толькі 31 аўтамабіль, у тым ліку 21 самазвал на 346 тысяч долараў — у 2017 годзе. Увогуле ж у 2017-м таваразварот паміж нашымі краінамі склаў 21 мільён долараў, прычым каля 20 мільёнаў долараў склаў беларускі экспарт. 

Па словах Шэймана, падчас яго сустрэчаў абмяркоўвалася стварэнне сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы мяса і малака, па рэалізацыі праектаў у жыллёвым, прамысловым і дарожным будаўніцтве, у галіне транспарту, ва ўзвядзенні лагістычнага комплексу. 

Акрамя таго, Шэйман распавёў кіраўніку Беларусі перспектывы развіцця кантактаў з Зімбабвэ ў галіне горнай здабычы, у тым ліку стварэнні прадпрыемства па здабычы карысных выкапняў.