Вы тут

Беларусь хоча аднавіць перамовы з Расіяй наконт коштаў на газ

Фота: pixabay.com

Урад Беларусі прапанаваў расійскаму ўраду ў новым складзе аднавіць перамовы наконт коштаў на газ. Пра гэта журналістам паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, перадае БЕЛТА.

Па словах чыноўніка, 24 траўня ён адправіў прывітальны ліст намесніку прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыю Козаку і папрасіў вызначыцца наконт працягу перамоваў. "Цяпер мы павінны ўвайсці ў новы этап перамоваў, для таго каб вызначыць формулу коштаўтварэння пры стварэнні адзінага еўразійскага рынку электраэнергіі і адзінага рынку нафты і газу", — патлумачыў Сямашка.

Ён нагадаў, што 13 красавіка 2017 года Беларусь і Расія падпісалі пакет дакументаў, у тым ліку тры міжурадавыя пагадненні. "Пытанне пра газ мы вырашылі летась напалову. Агаварылі формулу коштаўтварэння, усталявалі фіксаваныя цэны на 2018, 2019 гады. Сёлета кошт складае $129 за 1 тысячу кубаметраў газу, у наступным годзе будзе $127 за 1 тысячу кубаметраў, нягледзячы на ​​тое, што прасочваецца тэндэнцыя павышэння коштаў на нафту, а значыць, і на газ. Датычна нафтавых спраў ўсе адрэгулявалі. Перакананы, што мадэрнізаваныя НПЗ будуць у поўным аб'ёме забяспечаны нафтай", — супакоіў Сямашка.