Вы тут

Багданаў: Беларусь падыходзіць да фіналу перамоваў па ўступленні ў СГА

Аляксей Багданаў. Кадр з відэа

Беларусь наблізілася да фінальнай стадыі перамоваў па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыі (СГА). Так лічыць кіраўнік беларускай дэлегацыі на перамовах у Жэневе начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.

Перамовы з СГА цяпер вядуцца па чатырох напрамках: прывядзенне нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць са шматбаковымі пагадненнямі СГА, доступ на рынак тавараў, паслуг, дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі. Ужо адбылося больш за 40 раўндаў двухбаковых перамоваў з дзяржавамі-чальцамі арганізацыі. 

У каментары тэлеканалу АНТ Аляксей Багданаў заявіў, што Беларусь на перамовах прасунулася наперад як у двухбаковых, так і ў мультыфарматных перамовах. "Нам удалося растлумачыць нашу пазіцыю па многіх спрэчных пытаннях. Мы загадзя падрыхтавалі адказы, якія былі ўключаныя ў даклад рабочай групы. Большасць з іх краінамі-членамі СГА было адзначана станоўча", — паведаміў чыноўнік.

Сёлета ў чэрвені прадстаўнікі Беларусі правядуць пашыраную нараду з чальцамі Кернскай групы наконт таго, якая дзяржпадтрымка будзе дазволеная для сельгасвытворцаў. Кернская група — гэта ўплывовы блок у СГА, які адказвае за сельскую гаспадарку. Па словах Багданава, Беларусь імкнецца ўступіць у СГА на тых жа ўмовах, што і Расія.

Чыноўнік патлумачыў, што СГА — гэта своеасаблівае акно магчымасцяў, якімі наша дзяржава мусіць скарыстацца максімальна эфектыўна. "Гэта і прыцягненне новых інвестараў у сельскую гаспадарку, і заключэнне двухбаковых дагавораў аб зоне свабоднага гандлю з дзяржавамі-чальцамі СГА, і празрысты працэс экспартна-імпартных аперацый, і магчымасць выкарыстоўваць шырокі асартымент інструментаў СГА ў вырашэнні гандлёвых спрэчак паміж краінамі", — пералічыў ён.