Вы тут

Амерыканец падглядаў пад спадніцы з дапамогай камеры — камера ўзарвалася

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніцаў

Жыхар амерыканскага штата Вісконсін пацярпеў ад прыстасавання, прызначанага для таго, каб падглядаць пад спадніцы жанчынам. Як перадае ВВС, 32-гадовы мужчына схаваў спецыяльную камеру ў свой чаравік і хацеў такім чынам зрабіць фота і відэа пікантнага характару, але не паспеў — батарэйка схаванай камеры ўзарвалася.

Мужчына атрымаў апёкі, а пазней здаўся паліцыі ды заявіў, што здзейсніў злачынства сэксуальнага характару. Незадачліваму папарацы аказалі медыцынскую дапамогу, але не сталі заводзіць на яго крымінальную справу — проста далі некалькі парадаў наконт таго, як трэба сябе паводзіць.

У 2015 годзе ў штаце Вісконсін прынялі закон, паводле якога такое фатаграфаванне пад спадніцай без дазволу разглядаецца як цяжкае злачынства і караецца зняволеннем да 3 гадоў, а таксама істотным штрафам.