Вы тут

Алімпійскі чэмпіён: Спартсмен на сале далёка не выедзе

Фота lifehacker.ru

Падчас сустрэчы з беларускімі алімпійцамі і паралімпійцамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што харчаванне — адзін з найважнейшых складнікаў іх правільнай падрыхтоўкі, піша  БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што лепшы допінг для беларускіх спартсменаў — гэта сала. Ды ўвогуле “пасля старту, забегу, цяжкай трэніроўкі лепш кавалак сала і чорнага беларускага хлеба з'есці, а не пончыкі і марозіва”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі мае рацыю Лукашэнка, у дыетолага Вікторыі Болбат і прафесійнага спартсмена, алімпійскага чэмпіёна-цяжкаатлета, Андрэя Арамнава.

Па словах дыетолага, сала — гэта самы энергетычна ёмісты прадукт, а менавіта энергія і патрэбная спартсменам.

Болбат: “Сала — гэта адназначна лепш, чым пончыкі і марозіва. Хаця б таму, што гэта натуральны прадукт. У сале шмат тлушчараспушчальных вітамінаў, якія складана атрымаць іншымі прадуктамі харчавання. Напрыклад, вітаміны A i D. Цікава, што пажыўная каштоўнасць сала супастаўная з энергетычнай. Спартсменам у вельмі кароткі прамежак часу патрэбная каласальная энэргія. Пытанне паўстае толькі з халестэрынам”.

А вось алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў мае іншае меркаванне.

“Я думаю, можна па-рознаму ўспрымаць гэтыя словы. Калі ўжываць сала як допінг, то ў арганізме фармуецца такое рэчыва, як пердоній”, — жартуе спартсмен. Жарты пра пердоній у гарохавым супе з’явіліся пасля таго, як расійскіх алімпійцаў абвінавацілі ва ўжыванні допінгу.

Арамнаў: “Калі сур’ёзна, то спартсмен на сале далёка не выедзе. I лепей трымаць у халадзільніку ялавічыну і ікру. І тады будзе лепей выступаць. Думаю, наўрад ці хтосьці з прафесійных спартсменаў есць сала кілаграмамі, а таксама пончыкі і марозіва”.

Андрэй дадае, што шмат праблем з харчаваннем узнікае з-за таго, што ў беларускім прафесійным спорце не хапае дыетолагаў.

Арамнаў: “У розных відах спорту рознае харчаванне. Ва ўсіх розныя дыеты. У кожным прадукце свае ўласцівасці”. 

На думку алімпійскага чэмпіёна, кіраўнік дзяржавы казаў пра сала не з сур’езнымі намерамі.