Вы тут

24-гадовы мужчына падмануў у сацсетках 63 чалавек, выдаючы сябе за жанчыну

Фота: pixabay.com

У Мінску Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы суапраць 24-гадовага ўраджэнца Гродзенскай вобласці. Маладога чалавека вінавацяць у махлярстве і вымагальніцтве.

Па звестках следства, са снежня 2015 года па студзень 2018-га хлопец, выкарыстоўваючы акаўнты ў сацыяльнай сетцы, а таксама на сайце знаёмстваў, прадстаўляўся жанчынай. Дзякуючы гэтаму ён падмануў 63 мужчын і атрымаў ад іх больш за 52 тысячы рублёў.

Фальшывая "жанчына" скардзілася суразмоўцам на прычыны асабістага характару і прасіла пералічыць грошы на баланс мабільніка. Адзін з пацярпелых перавёў махляру агулам больш за 33 тысячы рублёў.

Выявілася таксама, што аднаго з пацярпелых абвінавачаны шантажаваў — пагражаў расказаць яго жонцы пра іх віртуальны раман. За гэта яму на мабільнік было пераведзена 10 рублёў. 

Свае акаўнты ў сацсетках хлопец запаўняў фотаздымкамі невядомых яму дзяўчат, якія знайшоў у інтэрнэце. Калі яго акаўнт быў заблакаваны, ён працягваў перапіску ў месэнджары на мабільніку, але на тэлефанаванні не адказваў і на сустрэчы не з'яўляўся, спасылаючыся на розныя акалічнасці. З заявамі да праваахоўнікаў звярнуліся двое пацярпелых.

Як выявіла следства, атрыманыягрошы абвінавачваны пераводзіў на свой рахунак букмекерскай канторы і абнаяўніваў. Потым ён рабіў стаўкі на вынікі спартыўных спаборніцтваў, выдаткоўваў на забаўляльныя ўстановы ў Мінску і дарагія падарункі дзяўчыне.

Цяпер хлопцу выставілі абвінавачанне ў замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры і вымагальніцтве. Ён узяты пад варту. Шкода пацярпелым кампенсаваная часткова.

Пракурор накіраваў крымінальную справу ў суд.

Фота: sk.gov.by