Вы тут

20 чэрвеня Нацбанк разгледзіць пытанне пра змену стаўкі рэфінансавання

Фота: Нацбанк

Нацбанк 20 чэрвеня разгледзіць пытанне пра змену стаўкі рэфінансавання. Пра гэта намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц паведаміў карэпандэнту агенцтва БЕЛТА на палях XI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Эканамічны рост Рэспублікі Беларусь: глабалізацыя, інавацыйнасць, устойлівасць".

Па словах Калечыца, цяпер ідзе ацэнка эканамічных умоваў. "На наступным тыдні ў нас пройдзе праўленне, дзе мы пачнем абмяркоўваць бягучы стан эканомікі. Рашэнне наконт стаўкі будзем прымаць 20 чэрвеня з улікам той сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы", — заявіў ён.

Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжалася 14 лютага 2018 года. Цяпер яна знаходзіцца на ўзроўні 10,5%.

Акрамя таго, Калечыц пракаментаваў прагноз па інфляцыі на 2018 год. Ён мяркуе, што Беларусь выканае прагноз па інфляцыі ў 6%. "Цяпер бачым некаторае ўзмацненне інфляцыйных працэсаў, але з улікам таго інструментара і мер, якія мы з урадам прымаем, у нас няма базавых сумневаў, што мы не выйдзем на гэты параметр", — патлумачыў эксперт.